"Береза Картузька і "прокляті солдати" не перешкодили Польщі ввійти в ЄС" – Ігор Бігун про заяву Ярослава Качинського

Нядаўняя заява лідэра кіруючай партыі Польшчы «Права і справядлівасьць» Яраслава Качыньскага пра тое, што гераізацыя Сьцяпана Бандэры можа перашкодзіць эўраінтэграцыі Ўкраіны, ня першая.

Узаемныя абвінавачваньні ў поглядах на нацыянальную гісторыю фактычна пачаліся з прызнаньня польскім сэймам летась у ліпені генацыду, зьдзейсьненага ўкраінскімі нацыяналістамі супраць грамадзян міжваеннай Польшчы. Адпаведную рэзалюцыю прапанавала як раз партыя Яраслава Качыньскага. У верасьні Вярхоўная рада Ўкраіны асудзіла пастанову польскіх калег і заклікала іх спыніць палітызацыю трагічных старонак ўкраінска-польскай гісторыі.

Але напружаньне ў дачыненьнях Украіны і Польшчы толькі ўзмацнілася. З той пары ў краінах адбылося апаганьваньне некалькіх помнікаў – у Быкаўне пад Кіевам пацярпеў мэмарыял польскім і ўкраінскім ахвярам савецкіх рэпрэсій, а ў Гуце Пеняцкай у Польшчы – помнік закатаваным у 1944 годзе палякам. У студзені Служба бясьпекі Ўкраіны забараніла ўезд на ўкраінскую тэрыторыю мэру памежнага польскага горада Пшэмысьль Робэрту Хоме за нібыта антыўкраінскую дзейнасьць (пазьней забарону скасавалі), а ў польскім горадзе Жэшуў зьбілі трох украінскіх студэнтаў за тое, што яны не прызнавалі Львоў польскім горадам.

Ігар Бігун, гісторык Цэнтру дасьледаваньняў вызваленчага руху (Кіеў):

– Такія заявы ўпісваюцца ў агульны трэнд у адносінах да Ўкраіны, і да стаўленьня да трактоўкі ўкраінскай гісторыі, што ўтварыўся пасьля прыходу да ўлады цяперашняга ўраду ў Польшчы. Відавочна, што польскія партыі, для якіх рэванш за пэўныя гістарычныя падзеі зьяўляецца адным з першачарговых пытаньняў, пэдалююць гэта пры кожнай нагодзе. Украіна прасоўвае свой курс на эўраінтэграцыю, і польскія палітыкі спрабуюць выкарыстоўваць гэта для такога шантажу, маўляў, эўраінтэграцыя ў абмен на тое, што Ўкраіна будзе разглядаць пэўныя старонкі гісторыі, як гэта выгадна палякам. Наш адказ мае быць сымэтрычным, але ў межах карэктнасьці, мы не павінны апускацца да ўзроўню крыўд і стымуляваць агрэсію. Трэба ўпарта стаяць на сваім – у нас такія каштоўнасьці, у нас ёсьць уласны погляд на нашу гісторыю, нават на тыя пэрыяды другой сусьветнай вайны, якія зачапляюць і гісторыю Польшчы. Але мы прызнаем, што ў Польшчы можа быць альтэрнатыўнае бачаньне. У той жа час, гэта не азначае, што мы павінны аўтаматычна зьмяняць сваю пазыцыю і паддавацца на такі ўплыў, а, па сутнасьці, на шантаж.

У гісторыі Польшчы таксама можна вельмі шмат знайсьці супярэчлівых постацей і падзей.

Польшча стала чальцом Эўрапейскага Зьвязу, і яе ўласныя трагічныя старонкі гісторыі не перашкодзілі гэтаму. А ў гісторыі Польшчы таксама можна вельмі шмат знайсьці супярэчлівых постацей і падзей. Напрыклад, канцлягер у Бяроза-Картузскай (цяпер горад Бяроза, Берасьцейская вобласьць – РС) у Польшчы паўстаў амаль адначасова зь першымі канцлягерамі ў нацысцкай Нямеччыне. Або, напрыклад, паўстанцкі камандзір Рамуальд Райс, які, як вядома, праводзіў этнічную чыстку беларусаў на Падляшшы ў 1946 годзе, а яго паважаюць польскія нацыяналісты. Дарэчы, кіраўніком польскай парлямэнцкай дэлегацыі, якая зьбіраецца ў Беларусь, стаў Адам Андрушкевіч, які стала ўдзельнічае ў маршах памяці “выклятых салдат” антыкамуністычнага супраціву пасьляваеннай Польшчы, і Рамуальд Райс – адзін з гэтых “выклятых жаўнераў”. Мы можам успомніць і тых камандзіраў Арміі Краёвай, якія зьдзяйсьнялі пагромы ўкраінскіх сёл, як на Валыні, гэтак і ў Галічыне і на Холмшчыне. Такіх прыкладаў вельмі шмат. Але ў Польшчы гэтыя постаці прызнаныя героямі, вэтэранамі на заканадаўчым узроўні яшчэ ў 1991 годзе як змагары за польскую незалежнасьць.

На тле гэтых прыкладаў заява спадара Качыньскага выглядае яшчэ больш дзіўна. Польшча, якая з гэтым трапіла ў Эўразьвяз, цяпер спрабуе Ўкраіну павучаць. Гэта нагадвае вядомае лацінскае выказваньне – што дазволена Юпітэру, тое не дазволена быку. Гэта падвойныя стандарты. На маю думку, правілы добрага тону не павінны прадугледжваць такіх падвойных стандартаў.

Джерело: білоруська служба Радіо “Свобода”